«Гэта дзень, калі Беларусь гучыць. І гучыць свабодна»
2025-03-22
Маргарыта Ворыхава, прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Кабінета, заклікае далучацца да святкавання ў Вільні Дня Волі, які застаецца жывой прасторай для супраціву, еднасці і голасу моладзі, нягледзячы на ціск і пагрозы:
«25 сакавіка – гэта дзень, калі мы не проста згадваем мінулае, але і думаем пра будучыню. Не проста гістарычная дата. Не проста традыцыя. Гэта дзень з позіркам наперад. Бо мы, моладзь, яго шануем.
Ён пра неабходнасць нагадаць усяму свету пра Беларусь. Пра змаганне з няволяй, дыктатурай, тэрорам, прыгнётам. Пра еднасць, падтрымку, салідарнасць і надзею.
У Вільні будзе шмат падзей: урачыстасці, акцыі памяці, вольны марш, сустрэчы і жывыя размовы. Далучайцеся да таго, што вам найбольш адгукаецца. І калі будзеце выходзіць – дбайце пра сваю бяспеку. Не дайце камерам, правакатарам і агентам КДБ распазнаць вас. Прыдумайце, як крэатыўна схаваць твар – які грым нанесці, якую маску надзець, які саркастычны плакат узяць у рукі. Мы класна спраўляліся з гэтым яшчэ ў 2020-м – і не растрацілі свой творчы запал.
Для мяне Дзень Волі – гэта свята беларускай мовы, музыкі, маладосці, супраціву і надзеі. Гэта дзень, калі Беларусь гучыць. І гучыць свабодна»
@CabinetBelarus
