Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

«Героі аддалі нам будучыню — мы мусім падтрымаць іх блізкіх»

2025-03-22

Вольга Зазулінская, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, выказалася з нагоды 1000 дзён расійскага палону беларускіх добраахвотнікаў:

«Беларускія добраахвотнікі бароняць не толькі Украіну, але і будучыню Беларусі. Яны рызыкуюць жыццём, гінуць, трапляюць у палон. Як Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў, якія ўжо тысячу дзён знаходзяцца ў руках ворага. Мы не ведаем, у якіх умовах яны цяпер, але ведаем адно: мы не маем права забыць пра іх і маўчаць.

Наш доўг – не толькі дамагацца вызвалення палонных. Мы абавязаныя падтрымліваць сем’і загінулых герояў. Яны аддалі самае каштоўнае – жыццё. І нашая адказнасць – быць побач з тымі, хто застаўся: з сем’ямі, з дзецьмі, што вырасуць без бацькоў. Героі аддалі нам будучыню – мы мусім падтрымаць іх блізкіх.

Не менш важна думаць пра тых, хто сёння на перадавой. Мы не маем права абмяжоўвацца падзякай. Неабходна дзейнічаць: развіваць праграмы рэабілітацыі, забяспечваць прававую абарону, будаваць сістэму сацыяльнай падтрымкі. Дапамога патрэбная цяпер, а не калі вайна скончыцца.

Украіна ўжо мае дзейныя ініцыятывы для падтрымкі сваіх абаронцаў. Мы павінны далучацца да іх, ствараць супольныя праграмы, працаваць разам з украінскімі партнёрамі, каб беларускія добраахвотнікі ведалі: яны не адны.

Гэтыя людзі – наш гонар, наша сіла і наша адказнасць. Калі мы хочам бачыць вольную Беларусь, мы павінны памятаць кожнае імя, падтрымліваць кожную сям’ю і працягваць гэтую барацьбу.

Жыве Беларусь! Слава Украіне!».

@CabinetBelarus

Main carousel image