Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Дэлегацыя Аб’яднанага Пераходнага Кабінета здзяйсняе працоўную паездку ва Украіну

2025-03-21

20 сакавіка ў Кіеве адбыліся панэльныя дыскусіі «Стратэгія дэмакратычных сіл Беларусі адносна Украіны» і «Беларускія добраахвотнікі, ветэраны і валанцёры ва Украіне».

Спікерам на першай панэлі стаў кіраўнік апарату Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Валерый Мацкевіч. У мерапрыемстве таксама ўдзельнічаў прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Кабінета Вадзім Кабанчук. Таксама ў дыскусіях узялі ўдзел намеснік міністра ў справах ветэранаў Украіны Руслан Прыходзька, народны дэпутат Украіны, член міжфракцыйнага аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь» Багдан Яраменка, кіраўніца валанцёрскіх ініцыятыў «Сустрэча» і «Беларускі аўтаполк» Алена Жаркевіч.

Абмеркавалі:

- стратэгію дэмсіл Беларусі адносна Украіны і ўзаемную стратэгію Украіны;

- праблемы беларускай дыяспары ва Украіне;

- пытанні сацыяльнага забеспячэння і легалізацыі беларускіх добраахвотнікаў;

- лёсы вязняў лукашэнкаўскіх турмаў, якія апынуліся ў зняволенні за дзеянні ў падтрымку Украіны: антываенныя акцыі, партызанскія дыверсіі («рэйкавыя партызаны») і інш.

Вадзім Кабанчук: «Мы бачым, што ёсць зрухі па беларускім кірунку ад афіцыйнай Украіны. Была шчырая зацікаўленасць. У дыскусіях удзельнічалі прадстаўнікі розных галін украінскай улады, у тым ліку з Офіса прэзідэнта Украіны і Міністэрства па справах ветэранаў. Усе яны выказваліся ў падтрымку беларускіх добраахвотнікаў і дэмакратычнай Беларусі. Яны адзначылі, што ва ўкраінскім грамадстве таксама ёсць усведамленне заслугі беларускіх герояў у гэтай барацьбе».

Мерапрыемства было арганізавана Фондам Фрыдрыха Наўмана за Свабоду (Украіна), аналітычным цэнтрам «Украінская прызма» і цэнтрам «Еўрапейскі дыялог».

Разам з Вадзімам Кабанчуком і Валерыем Мацкевічам ва Украіне знаходзіцца прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Зазулінская.

@CabinetBelarus

Main carousel image