Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

25 сакавіка – гэта Дзень Волі, а не дзень рытуалу нелегітымнага рэжыму

2025-03-20

Заява Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі

Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі заяўляе, што прызначэнне «інаўгурацыі» Лукашэнкі на 25 сакавіка – гэта не толькі дэманстрацыя пагарды да нацыянальных сімвалаў, але і чарговая спроба рэжыму сфарміраваць свой інфармацыйны парадак дня.

Аўтарытарны рэжым мэтанакіравана выкарыстоўвае стратэгію контрпраграмавання для «перакрыцця» гістарычна значных нагод і каштоўнасных арыенціраў у беларускім грамадстве. Гэты метад не новы і ўжо неаднаразова выкарыстоўваўся ў прапагандысцкіх кампаніях. Але дата 25 сакавіка і яе сутнасць не можа быць сцёртая з нацыянальнай памяці ані рэпрэсіямі, ані прапагандай.

Варта падкрэсліць, што ні так званыя выбары, якія папярэднічалі гэтай «інаўгурацыі», ні сама цырымонія не маюць аніякай юрыдычнай або палітычнай значнасці для беларускага грамадства і міжнароднай супольнасці.

Гэтыя падзеі ўспрымаюцца выключна як элемент аўтарытарнай дэкарацыі, дзе галоўны глядач у зале – вузкае кола Лукашэнкі, якое падзяляе адказнасць за яго злачынствы. Гэта не палітычны акт, а механічнае паўтарэнне рытуала, якое мае на мэце захаваць лаяльнасць у сістэме, якая ўсё больш залежыць ад рэпрэсій і падтрымкі з боку Масквы.

На гэтым фоне абсурдна выглядаюць нядаўнія заявы пра нібыта гатоўнасць да «аднаўлення даверу» з Захадам. Аднак сам факт правядзення нелегітымнай інаўгурацыі пасля «выбараў», якія не былі прызнаныя дэмакратычнымі дзяржавамі, сведчыць аб поўнай ізаляцыі рэжыму і яго нежаданні змяняць свае падыходы.

Калі б сапраўды існавала зацікаўленасць у дыялогу, то першымі крокамі павінны былі б стаць канкрэтныя дзеянні: спыненне рэпрэсій, вызваленне ўсіх палітвязняў, вяртанне магчымасцей для дзейнасці незалежных медыя і арганізацый грамадзянскай супольнасці, адмова ад палітычна матываванага пераследу беларусаў унутры краіны і за яе межамі, а таксама спыненне саўдзелу ў агрэсіі супраць Украіны.

25 сакавіка – гэта Дзень Волі, сапраўднае нацыянальнае свята, якое ніхто не можа скрасці ў беларускага народа, а не дзень фальшывых палітычных рытуалаў. Гэта дзень, які аб’ядноўвае беларусаў вакол ідэі свабоды і нацыянальнай годнасці, незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца. Лукашэнка і яго атачэнне сыдуць у мінулае, а Беларусь застанецца і будзе жыць вечна.

Заклікаем усіх беларусаў святкаваць Дзень Волі і ў Беларусі, і ва ўсім свеце.

Жыве Беларусь!

@CabinetBelarus

Main carousel image