«Дзень Волі – гэта не проста свята, гэта наш супольны маніфест»
2025-03-19
В.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Баркоўскі запрашае беларусаў далучыцца да святкавання Дня Волі ў Варшаве:
«23 сакавіка беларусы ў Варшаве зноў збяруцца разам, каб адсвяткаваць Дзень Волі. Гэта не проста традыцыя, гэта наш супольны маніфест – напамін, што беларуская дзяржаўнасць і незалежнасць былі і застаюцца нашым выбарам.
Дзень Волі – гэта не толькі палітычная дата, але і свята нашай культуры, гісторыі і адзінства. Гэта дзень беларускай мовы, музыкі, мастацтва і супольнасці, дзень, які належыць усім, хто адчувае сябе часткай Беларусі.
Сёлета ў Варшаве святочнае мерапрыемства пачнецца а 13:00 на плошчы Трох Крыжоў. Тут прагучаць словы ксяндза Вячаслава Барка, выступяць грамадска-палітычныя дзеячы, а таксама загучыць украінска-беларускі фэнтэзі-фолк ад Captain Hmiel.
Далей, разгарнуўшы 330-метровы бела-чырвона-белы сцяг, мы рушым да Замкавай плошчы. Тут прагучаць прамовы беларускіх палітыкаў, у тым ліку Паўла Латушкі, Анжалікі Мельнікавай, Вячаслава Сіўчыка.
Але Дзень Волі – гэта не толькі словы, але і спевы, танцы, эмоцыі. Гэта дзень, калі беларусы становяцца бліжэй адзін да аднаго. Дзе б мы ні былі – у Беларусі ці за яе межамі – 25 сакавіка мы разам. У гэтым годзе падрыхтавана шмат інтэрактыву: супольныя спевы з Алесем Дзянісавым («Dzieciuki», «Кальян», «Людзі на балоце»), традыцыйныя танцы ад Школы беларускай традыцыйнай культуры, а фінальным акордам стане выступ Kurwadziki – акустычны панк-гімн тых, хто апынуўся ў выгнанні, але не забыўся, адкуль ён родам.
Запрашаю ўсіх, хто можа, далучыцца да святкавання.
Жыве Беларусь!».
📌Падрабязнасці тут
📌Падтрымаць арганізацыю свята
@CabinetBelarus
