Міністарка культуры Польшчы ўганаравала «Вольных Купалаўцаў»
2025-03-18
Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, былы дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Латушка 29 кастрычніка 2024 года скіраваў хадайніцтва міністарцы культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Ханне Урублеўскай аб прысуджэнні «Вольным Купалаўцам» калектыўнай ганаровай прэміі з Фонду прамоцыі культуры.
Пасля папярэдняй падрыхтоўкі і афармлення ўсіх неабходных дакументаў, здзейсненых супрацоўнікамі НАУ, міністаркай культуры Польшчы Ханнай Урублеўскай 17 сакавіка прынята станоўчае рашэнне аб прызнанні «Вольным Купалаўцам» ганаровай прэміі.
Фонд прамоцыі культуры – гэта дзяржаўная праграма ў Польшчы, якая рэалізуецца Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, і накіравана на падтрымку развіцця культуры і мастацтва ў краіне праз сацыяльную дапамогу артыстам.
У накіраваным абгрунтаванні ў адрас міністаркі культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Павел Латушка адзначыў, што пасля палітычных падзей і жорсткіх рэпрэсій, што адбыліся пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, амаль увесь творчы калектыў тэатра быў вымушаны пакінуць тэатральную ўстанову і стварыў незалежную тэатральную групу. З таго часу «Вольныя Купалаўцы» сталі адным з сімвалаў беларускага руху пратэсту.
«Вольныя Купалаўцы» – гэта ўнікальная незалежная тэатральная група, якая з 2021 года працуе ў эміграцыі ў Польшчы. Калектыў, нягледзячы на цяжкасці, працягвае прасоўваць беларускую культуру, займаецца пастаноўкай спектакляў, якія закранаюць тэмы свабоды, ідэнтычнасці і правоў чалавека.
«Для мяне, як для палітыка, заўсёды будзе прыярытэтам падтрымка нацыянальнай культуры Беларусі, у тым ліку ў выгнанні. Зразумела, што Купалаўскі тэатр заўсёды будзе ў маім сэрцы, і я буду рабіць усё дзеля таго, каб дапамагаць “Вольным Купалаўцам” за іх талент, майстэрства і адданасць нацыянальнай беларускай культуры.
Апошнім часам мне атрымалася знайсці для “Вольных Купалаўцаў” сродкі на рэалізацыю двух новых тэатральных праектаў, якія адбудуцца, у тым ліку, пры падтрымцы фонду Паўла Латушкі. Спадзяюся, што неўзабаве беларуская публіка пабачыць іх.
Заклікаю падтрымліваць “Купалаўцаў”. Калі ў вас ёсць магчымасць, заплаціце падвоены ці нават патроены кошт за квіткі, падтрымайце “Купалаўцаў” і нацыянальную культуру, без якой немагчыма ўявіць незалежную дзяржаву – Беларусь. Купалаўскі тэатр – найстарэйшы тэатр Беларусі, душа беларускага народа. Нам таксама важна памятаць, што неўзабаве і ён адновіць сваю творчую дзейнасць у Вольнай Беларусі», – адзначыў Павел Латушка.
@CabinetBelarus
