Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Заява Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі аб падтрымцы дзейнасці радыё «Свабода»

2025-03-18

Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі заяўляе аб сваёй нязменнай прыхільнасці да прынцыпаў свабоды слова, дэмакратыі і правоў чалавека, а таксама падкрэслівае крытычную важнасць працы радыё «Свабода» і асабліва яго беларускай рэдакцыі ў сучасных умовах барацьбы беларускага народа за дэмакратычную будучыню.

Беларуская служба радыё «Свабода» – адна з найстарэйшых незалежных медыяплатформ, якая з траўня 1954 года няспынна даносіць праўдзівую інфармацыю да беларусаў, пераадольваючы цэнзуру і прапаганду таталітарных рэжымаў. За дзесяцігоддзі сваёй дзейнасці яна стала адной з найважнейшых крыніц незалежнай журналістыкі, якая асвятляла гістарычныя этапы барацьбы беларусаў за свабоду: ад супраціву савецкай таталітарнай сістэме да сучаснай хвалі рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі.

Асабліва важную ролю беларуская рэдакцыя «Свабоды» адыгрывае пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, калі ў Беларусі быў разгорнуты беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій супраць журналістаў, грамадскіх актывістаў і ўсіх, хто адстойвае дэмакратычныя каштоўнасці. Ва ўмовах, калі незалежныя СМІ ў Беларусі былі ліквідаваныя ці вымушаныя працаваць у эміграцыі, «Свабода» застаецца голасам праўды для мільёнаў беларусаў, якія сутыкнуліся з інфармацыйнай ізаляцыяй.

Рэжым Лукашэнкі прызнаў радыё «Свабода» «экстрэмісцкай арганізацыяй», што яшчэ раз сведчыць пра яго страх перад свабоднай журналістыкай. Дзясяткі журналістаў і супрацоўнікаў службы падвяргаліся пераследу, былі вымушаныя пакінуць краіну ці трапілі за краты. Аднак, нягледзячы на ціск, беларуская рэдакцыя працягвае сваю працу, прапаноўваючы новыя фарматы і платформы для сваёй аўдыторыі.

У сувязі з гэтым Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі:

1. Выказвае поўную падтрымку дзейнасці радыё «Свабода» і яго беларускай рэдакцыі як аднаго з ключавых незалежных галасоў беларускага народа.

2. Заклікае міжнародную супольнасць аказаць усебаковую падтрымку беларускай рэдакцыі «Свабоды», уключаючы фінансавую дапамогу і палітычную абарону яе журналістаў.

3. Асуджае рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі супраць журналістаў і незалежных СМІ і патрабуем вызвалення ўсіх зняволеных за іх прафесійную дзейнасць.

4. Падкрэслівае неабходнасць захавання і развіцця незалежных беларускіх медыя як найважнейшага элемента ў адстойванні дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі.

Аб’яднаны Пераходны Кабінет перакананы, што ўмовы інфармацыйнай свабоды і плюралізму неабходныя для фарміравання свядомай грамадзянскай супольнасці і набліжэння Беларусі да дэмакратычнай будучыні. Беларуская рэдакцыя радыё «Свабода» адыгрывае ў гэтым працэсе ключавую ролю.

@CabinetBelarus

Main carousel image