Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

«Мы павінны не дапусціць новай Ялты і сфер уплыву. Мы павінны вырваць Беларусь з-пад расійскага кантролю»

2025-03-18

Кіраўніца Кабінета выступіла перад 27 міністрамі па еўрапейскіх справах у Бруселі

18 сакавіка Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у сустрэчы міністраў па еўрапейскіх справах ЕС у Бруселі. Сустрэча доўжылася больш за гадзіну. Сярод выступоўцаў былі еўракамісарка Марта Кос, прадстаўнік Службы знешніх дзеянняў ЕС, міністры Польшчы, Бельгіі, Чэхіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Партугаліі, Грэцыі, Італіі і Іспаніі. Абмяркоўваліся пытанні Беларусі, у тым ліку падтрымка незалежных медыя.

Святлана Ціханоўская падзякавала Польшчы за падтрымку беларусаў і адзначыла важнасць лідарства Польшчы ў Радзе ЕС. Яна нагадала, што Польшча і Літва сталі прытулкам для соцень тысяч беларусаў, падкрэсліла значэнне нядаўніх Дзён Беларусі ў Бруселі і Форуму Касцюшкі ў Гданьску, якія яшчэ раз пацвердзілі, што Беларусь належыць да Еўропы, а не да «рускага свету».

«Хачу падзякаваць маёй дарагой сяброўцы, еўракамісарцы Марце Кос. Ніколі раней супрацоўніцтва паміж дэмакратычнай Беларуссю і Еўрапейскім саюзам не было такім блізкім і глыбокім», – адзначыла яна.

Кіраўніца Кабінета падкрэсліла, што сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца: штодня затрымліваюць у сярэднім 12 чалавек, у тым ліку за падтрымку Украіны, каментарыі ў сацсетках і выказванні салідарнасці з палітвязнямі:

«КДБ распачаў тэрор, амаль як у сталінскія часы. А Лукашэнка паводзіць сябе так, нібы тысячы людзей усё яшчэ пратэстуюць каля ягонага палаца».

Ціханоўская нагадала, што ў Беларусі застаюцца 1200 палітвязняў, многіх трымаюць у поўнай ізаляцыі. Расія працягвае ўзмацняць кантроль над Беларуссю, вынішчаючы нацыянальную ідэнтычнасць, як на акупаваных тэрыторыях Украіны. Лукашэнка прадае беларускі суверэнітэт Пуціну, абыходзячы санкцыі і пастаўляючы зброю расійскай арміі.

«Пуцін і Лукашэнка не хочуць міру, а вайна падсілкоўвае іх рэжымы. Пакуль Лукашэнка ва ўладзе, пагроза для ЕС будзе існаваць. Беларусь паказвае, што дэмакратыя і бяспека непарыўна звязаныя: калі ўрад не паважае сваіх грамадзян, ён не будзе паважаць і суседзяў. Мы павінны не дапусціць новай Ялты і сфер уплыву. Мы павінны вырваць Беларусь з-пад расійскага кантролю», – заявіла яна.

Святлана Ціханоўская адзначыла, што дэмсілы Беларусі стварылі альтэрнатыўныя палітычныя інстытуты: Аб’яднаны Пераходны Кабінет і Каардынацыйную раду. Дэмсілы дапамагаюць рэпрэсаваным, падтрымліваюць Украіну і выбудоўваюць міжнародныя альянсы. Працягваецца Стратэгічны дыялог «Беларусь – ЗША», а хутка пачнецца падобны фармат узаемадзеяння з Вялікабрытаніяй.

Кіраўніца Кабінета падзякавала краінам, якія накіравалі спецпасланнікаў для працы з дэмакратычнай Беларуссю, і нагадала, што 25 сакавіка беларусы адзначаюць Дзень Волі – 107-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці ад Расіі:

«Я веру, што Беларусь можа стаць гісторыяй поспеху. Давайце зробім гэтую веру рэальнасцю разам».

@CabinetBelarus

Main carousel image