Аб’яднаны Пераходны Кабінет падтрымаў ініцыятыву аб уключэнні беларусаў у спісы на абмен ваеннапалоннымі
2025-03-17
На пасяджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета 17 сакавіка разгледзелі зварот Каардынацыйнай Рады аб уключэнні ў спіс абмену ваеннапалоннымі грамадзян Беларусі і пастанову Каардынацыйнай рады да звароту.
Згодна з пастановай Каардынацыйнай рады, Аб’яднанаму Пераходнаму Кабінету было рэкамендавана падрыхтаваць і зацвердзіць спіс для абмену ваеннапалоннымі, а таксама наладзіць камунікацыю з адпаведнымі органамі ва Украіне, адказнымі за працэдуру абмену.
Рэкамендацыя знайшла падтрымку ў Кабінеце, адпаведныя даручэнні дадзены прадстаўніку па абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзіму Кабанчуку і прадстаўніку па транзіце ўлады Паўлу Латушку.
Прадстаўніцтва па абароне і нацыянальнай бяспецы Кабінета непасрэдна зоймецца складаннем спісаў для перадачы іх адпаведным структурам з украінскага боку.
Нагадаем, зварот Каардынацыйнай Рады быў прыняты па ініцыятыве фракцыі «Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”». У ім адзначаецца, што многія грамадзяне Беларусі былі затрыманыя і асуджаныя на працяглыя тэрміны пазбаўлення волі за падтрымку Украіны, у тым ліку за ўдзел у беларускіх добраахвотніцкіх падраздзяленнях, перадачу інфармацыі аб перамяшчэнні расійскай тэхнікі, фінансавую дапамогу і іншыя дзеянні.
Каардынацыйная Рада звярнулася да ўлад Украіны з прапановай уключыць грамадзян Беларусі ў спіс на абмен ваеннапалоннымі па прынцыпе «ўсіх на ўсіх».
Зварот падтрымалі 41 з 44 дэлегатаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні Каардынацыйнай Рады. Аб’яднаны Пераходны Кабінет пачаў працу над выкананнем рэкамендацыі Каардынацыйнай Рады.
@CabinetBelarus
