«Закон дае Украіне права рэагаваць на пагрозы, якія зыходзяць з тэрыторыі Беларусі»
2025-03-17
Вадзім Кабанчук, прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, пракаментаваў падпісанне прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім закона, які дазваляе накіроўваць падраздзяленні Узброеных сіл Украіны за межы краіны ў перыяд ваеннага становішча:
«Гэты закон наўпрост закранае беларуска-ўкраінскія адносіны. Яшчэ ў лютым 2022 года Беларусь стала плацдармам для расійскай агрэсіі супраць Украіны, што цалкам адпавядае крытэрыям, пералічаным у дакуменце. Цяпер Украіна на законных падставах можа прымаць адпаведныя меры для забеспячэння сваёй нацыянальнай бяспекі, стрымлівання агрэсіі і абароны суверэнітэту.
Гэта трывожны сігнал для беларусаў, найперш унутры Беларусі, бо рэжым Лукашэнкі працягвае дзеянні, якія пагаршаюць сітуацыю. Мы бачым планы па стварэнні завода па вытворчасці беспілотнікаў у Беларусі, працу сотняў прадпрыемстваў беларускага ВПК на патрэбы вайны і планы па нарошчванні вытворчасці зброі і боепрыпасаў да 2027–2028 гадоў. Усё гэта стварае рэальную пагрозу і паказвае, што рэжым рыхтуецца да доўгатэрміновага ўдзелу ў расійскай агрэсіі.
Акрамя таго, на тэрыторыі Беларусі запланаваныя чарговыя маштабныя вайсковыя вучэнні. Украінцы добра памятаюць, чым скончыліся вучэнні 2021–2022 гадоў – расійскім уварваннем. Таму ўкраінскі бок мае ўсе падставы разглядаць гэтыя дзеянні як частку падрыхтоўкі да магчымай далейшай эскалацыі. І падпісаны закон дае Украіне права рэагаваць на пагрозы, якія зыходзяць з тэрыторыі Беларусі».
@CabinetBelarus
