Кіраўніца Кабінета возьме ўдзел у міністэрскай сустрэчы ЕС у Бруселі
2025-03-17
На міністэрскую сустрэчу, якая адбудзецца 18 сакавіка, Святлану Ціханоўскую напярэдадні запрасіў міністр па еўрапейскіх справах Польшчы Адам Шлапка, падчас наведвання дэмакратычнай лідаркай Еўрапарламента.
З Адамам Шлапкам абмяркоўвалася неабходнасць выпрацаваць агульную пазіцыю ЕС па Беларусі ў кантэксце мірных перамоў па Украіне. Польшча цяпер старшынюе ў Радзе ЕС і адыгрывае ключавую ролю ў фарміраванні палітыкі Еўрасаюза.
«Для нас важна, каб на перамовах была прадстаўленая пазіцыя Еўрапейскага саюза, бо ад прынятых рашэнняў будзе залежыць не толькі будучыня Украіны, але і Беларусі, і ўсяго рэгіёна. Мы чакаем, што ЕС будзе казаць у тым ліку за Беларусь», – падкрэсліла Ціханоўская.
Сустрэча міністраў ЕС, у якой прыме ўдзел Святлана Ціханоўская, стане магчымасцю яшчэ раз паставіць беларускае пытанне на парадак дня Еўрасаюза і ўзгадніць далейшыя крокі па падтрымцы беларускага народа.
@CabinetBelarus
