Павел Латушка – аб працэдуры выдачы ордара на арышт Лукашэнкі
2025-03-17
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка ў інтэрв’ю выданню «Позірк» расказаў, на якой стадыі знаходзіцца разгляд беларускай сітуацыі ў Міжнародным крымінальным судзе (МКС):
📌 «Літва перадала дакументы па пэўнай працэдуры, якая дазволіла Офісу пракурора МКС абысці шэраг працэдурных абмежаванняў. Літва сабрала факты ўчынення злачынстваў супраць чалавечнасці трансгранічнага характару і перадала іх у Офіс пракурора. Каманда НАУ і праваабарончыя арганізацыі садзейнічалі збору гэтых фактаў і доказаў»
📌 «Няўрадавыя арганізацыі могуць перадаваць дадатковыя матэрыялы. Офіс пракурора ацэньвае іх і па выніках прыме рашэнне аб пераходзе да расследавання па сутнасці. Для гэтага павінны выконвацца тры крытэрыі: юрысдыкцыя суда, прымальнасць сітуацыі і адпаведнасць інтарэсам правасуддзя»
📌 «Паколькі Літва задзейнічала працэдуру паводле артыкула 14 Рымскага статута, узгадненне з Палатай папярэдняй вытворчасці не патрабуецца, што паскарае працэс. Калі Офіс пракурора пераходзіць да стадыі расследавання, пачынаецца збор доказаў наконт датычнасці канкрэтных асоб. Пасля гэтага ён можа перадаць матэрыялы ў Палату папярэдняй вытворчасці з запытам аб выдачы ордара на арышт. Палата павінна прыняць рашэнне ў разумны тэрмін»
📌 «Літва перадала беларускую сітуацыю ў МКС і не можа паўплываць на працэс або адклікаць рэферал. Цяпер усё залежыць ад Офіса пракурора. Наша задача – дапамагчы ў зборы інфармацыі і перадачы яе ў МКС»
📌 «У Германіі, як і ў іншых краін-удзельніц МКС, ёсць магчымасць сабраць матэрыялы і перадаць іх у Офіс пракурора. На тэрыторыі Германіі знаходзяцца дзясяткі, калі не сотні ахвяр гэтых злачынстваў. Улады Германіі могуць або далучыцца да рэфералу Літвы, або сабраць і накіраваць свае матэрыялы. Мы будзем ініцыяваць абмеркаванне гэтага пытання з новым урадам Германіі пасля яго фарміравання»
@CabinetBelarus
