«Дзень Волі – гэта без перабольшвання нацыянальнае свята для беларусаў»
2025-03-15
В.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі заклікае далучыцца да святкавання Дня Волі:
«107 год таму бацькі-заснавальнікі Беларускай Народнай Рэспублікі зрабілі, здавалася б, немагчымае – дамагліся ўзнікнення беларускай дзяржаўнасці там, дзе яе ніхто з тагачасных геапалітычных «цяжкавікоў» нават не бачыў.
Нават тое, што БНР не здолела замацавацца, не адмяняе велічнасці гэтай падзеі. Дзень Волі – гэта без перабольшвання нацыянальнае свята для беларусаў, дзень пашаны і павагі да гераічнага ўчынку нашых продкаў, спрычыненне да гісторыі, якая звязвае пакаленні.
Гэта не проста дата, гэта кропка яднання. Не толькі паводле нацыянальнасці, мовы ці групавой прыналежнасці, а праз глыбокае адчуванне лучнасці з гісторыяй сваёй зямлі.
Сёння беларусы не могуць сабрацца ў Мінску, як гэта было на 100-годдзе БНР. Але святло гэтага дня ўсё роўна павінна заставацца з намі. Добрыя часы змяняюць кепскія, і наадварот, але заўсёды павінна быць месца для радасці і салідарнасці.
Беларусы па ўсім свеце могуць пасылаць адзін аднаму праменчыкі свабоды і надзеі праз межы і адлегласці. А тым, хто застаецца на радзіме і не можа адкрыта адзначыць гэты дзень, мы пасылаем сігнал падтрымкі – мы разам. Тыя, хто нават за мяжой вымушаны клапаціцца пра бяспеку сябе і блізкіх, могуць далучыцца да святкавання, прыняўшы элементарныя захады бяспекі – маскі і акуляры ратуюць ад ШІ.
Далучайцеся да беларускіх ініцыятыў побач з вамі, падтрымлівайце святкаванні, рабіце гэты дзень нашай супольнай справай.
Жыве Беларусь!»
@CabinetBelarus
