«Рэпрэсіі забіваюць – няхай не адразу, але павольна і метадычна» Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Зазулінская адрэагавала на смерць былога палітвязня Валянціна Іваноўскага, пра якую стала вядома толькі цяпер
2025-03-14
«Валянцін Іваноўскі памёр у жніўні 2024-га, але інфармацыя аб гэтым з’явілася толькі цяпер. Такая беларуская рэчаіснасць: даведвацца пра лёс людзей, якія прайшлі праз рэпрэсіі, складана. Але праваабаронцы і журналісты робяць усё, каб праўда стала вядомай.
Валянцін Іваноўскі, жыхар Ліды, быў затрыманы ў ліпені 2022-га за абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК) і асуджаны на два гады калоніі. Ён адбываў тэрмін у Наваполацку і выйшаў на волю ў траўні 2024-га. Але праз некалькі месяцаў яго не стала. Прычыны смерці невядомыя.
Гэта напамін пра наступствы рэпрэсій. Палітвязні праходзяць праз катаванні, ізаляцыю, адсутнасць меддапамогі, псіхалагічны і фізічны ціск. Гэта не проста тэрмін – гэта глыбокая траўма, якая не заканчваецца на выхадзе з турмы. Людзі выходзяць з падарваным здароўем, без падтрымкі, без магчымасці аднавіць жыццё.
Выказваем спачуванні блізкім Валянціна Іваноўскага. І яшчэ раз падкрэсліваем: рэпрэсіі забіваюць. Няхай не адразу, але павольна і метадычна.
Мы не павінны звыкнуцца з такімі навінамі. Вызваленне палітвязняў не павінна азначаць для іх новы этап барацьбы за выжыванне.
Калі ласка, звяртайцеся па дапамогу. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб падтрымліваць вызваленых і спрыяць іх медыцынскай рэабілітацыі»
@CabinetBelarus
