Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Кабінета працягвае стварэнне базы арганізацый, якім можна пералічваць 1,2% ці 1,5% падатку ў краінах Балтыі і Польшчы
2025-03-12
Павел Баркоўскі, в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета, тлумачыць важнасць гэтай ініцыятывы і заклікае далучыцца да падтрымкі беларускіх арганізацый:
«Падтрымка арганізацый, якія працуюць на развіццё нацыянальнай адукацыі, культуры, медыябяспекі, у тым ліку незалежных СМІ, асабліва важная на этапе спынення часткі замежнага фінансавання і адкрытага ціску на творцаў у Беларусі.
Кожны і кожная з нас, хто знаходзіцца за мяжой, можа ахвяраваць адсотак ад сваіх падаткаў на падтрымку нацыянальных інтарэсаў, ствараючы сваю дзяржаву знізу.
Гэтыя грошы ўжо заплачаныя вамі на карысць дзяржавы, у якой вы жывяце. Але маленькі працэнт ад іх можна перанакіраваць: выкарыстаць яго так, як хочаце менавіта вы.
Важна паказаць, што беларусы гатовыя інвеставаць у сваё: у тое, што прыносіць ім карысць і натхненне.
База, якую мы ствараем, дапаможа беларусам знайсці тых, каго можна падтрымаць. Пасля вы зможаце атрымаць інфармацыю і па працэдуры запаўнення фармуляраў, і пра дадатковыя каналы падтрымкі для арганізацый, і пра тое, што арганізацыі ўжо зрабілі і плануюць рабіць з выдзеленымі для іх рэсурсамі.
База – гэта і дадатковая верыфікацыя арганізацый. Вам трэба быць упэўненымі, што яны сапраўды працуюць і даюць плён супольнасці. У нас сапраўды багата ініцыятыў, якія робяць унёсак у нацыянальнае адраджэнне і развіццё. Спадзяюся, кожная з іх атрымае стымул для працягу працы».
@CabinetBelarus
