Маргарыта Ворыхава, прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Кабінета, – аб праблеме гендарнай няроўнасці ў Беларусі і пагрозах правам жанчын у свеце
2025-03-08
«Сёння, у Міжнародны дзень барацьбы за правы жанчын, я звяртаюся да ўсіх беларусаў і беларусак. Не, не проста па “жаночай праблеме”, а па праблеме справядлівасці і роўных магчымасцей для ўсіх.
Мы жывём у час, калі гендарная роўнасць не толькі недасягнутая, але і свядома атакоўваецца. Уплывовыя палітычныя сілы, аўтарытарныя рэжымы і антыдэмакратычныя групы ва ўсім свеце выкарыстоўваюць дэзінфармацыю і мізагінныя наратывы, каб запалохаць, заглушыць і знішчыць голас жанчын.
У Беларусі жанчыны церпяць ад дыскрымінацыі не толькі з боку рэжыму, але і праз глыбока ўкаранёныя грамадскія стэрэатыпы. Кажуць, што справа ў сістэме. Але гэта толькі палова праўды. Другая палова – у тым, што самае складанае змаганне адбываецца ў галовах людзей.
✨Жанчыны выконваюць значна больш неаплочваемай хатняй працы, чым мужчыны, і грамадства па-ранейшаму ўспрымае гэта як “натуральны парадак рэчаў”.
✨Гендарны разрыў у заробках – рэальны, і ён не “сам выправіцца”.
✨Забароненыя для жанчын прафесіі – гэта не пра “клопат”, а пра пазбаўленне выбару.
✨Гендарна матываваны гвалт – гэта не “прыватная справа сям’і“, а сістэмная праблема, якая свядома ігнаруецца ўладамі.
Больш за тое, тыя, хто адкрыта змагаецца за правы жанчын, сутыкаюцца з ціскам, запалохваннямі, а часам і з фізічным гвалтам. Гэта не проста “супраціў зменам”, гэта наўмысная спроба прымусіць жанчын замаўчаць.
Але мы не будзем прасіць дазволу быць свабоднымі. Мы не будзем чакаць, пакуль нехта вырашыць “прыйшоў час”. Мы будзем патрабаваць свабоды, самі, кожны дзень, пакуль яна, нарэшце, не прыйдзе.
У Прадстаўніцтве па моладзевай палітыцы і студэнцтве Кабінета мы працуем з разуменнем, што кожная жанчына, у тым ліку і маладая жанчына, можа рэалізоўваць сябе, так, як хоча яна сама, так, каб яе голас гучаў і ўплываў, каб яе праца прызнавалася»
@CabinetBelarus
