У Берліне адбываецца цырымонія ўзнагароджання Жаночай прэміяй Ганны Кляйн
2025-03-07
Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Зазулінская віншуе лаўрэатак і распавядае пра іх уклад у барацьбу за роўнасць і свабоду:
«Сёлета гэтая ўзнагарода ўпершыню прысуджаная беларускім актывісткам. Гэта прызнанне іх барацьбы і сведчанне таго, што змаганне беларускіх жанчын за роўнасць і свабоду бачаць і падтрымліваюць ва ўсім свеце.
Сярод лаўрэатак – нашая каляжанка Юлія Міцкевіч, першая намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Разам з ёй узнагароды атрымліваюць Дар’я Афанасьева, палітзняволеная, фемактывістка, і Ірына Альхоўка, праваабаронца і гендарная экспертка.
Беларускі штодня змагаюцца супраць сістэмы, якая баіцца свабодных жанчын. Яны не толькі супрацьстаяць рэпрэсіям, але і ствараюць новыя формы салідарнасці і ўзаемадапамогі. Менавіта гэта адзначыла журы прэміі Ганны Кляйн:
💬 «Феміністычны актывізм Юліі, Ірыны і Дар’і, іх рашучасць і стойкасць перад жорсткім пераследам з боку дзяржавы і гвалтам з’яўляюцца прыкладам універсальнага досведу жаночага супраціву аўтарытарным рэжымам. Яны прадстаўляюць розныя пакаленні жаночага актывізму, выкарыстоўваюць лічбавыя формы дзеянняў, ствараюць бяспечныя прасторы для жанчын і выступаюць за іх удзел у палітыцы. І яны працягваюць грамадзянскую справу Ганны Кляйн, распрацоўваючы для гэтага новыя інструменты».
Сённяшняя ўзнагарода – гэта не толькі прызнанне іх мінулых заслуг, але і падтрымка той будучыні, якую яны ўжо ствараюць.
Сімвалічна, што цырымонія ўзнагароджання адбываецца ў Берліне напярэдадні Міжнароднага дня барацьбы за правы жанчын»
Фотакалаж: boell.de
@CabinetBelarus
