«Беларускі ўжо даказалі, што могуць змяняць рэальнасць»
2025-03-07
Напярэдадні 8 сакавіка намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета Ірына МакЛейн разважае пра страх рэжыму перад жанчынамі і пра тое, чаму роўнасць – гэта не падарунак і не прывілей, а базавая каштоўнасць:
«Я жыву ў Шатландыі, і мая дачка не разумее, чаму 8 сакавіка – гэта пра кветкі. Тут гэты дзень – не пра «мілых дам», не пра фармальныя віншаванні, а пра барацьбу за роўныя правы. У Беларусі ж 8 сакавіка толькі падкрэслівае, наколькі раўнапраўе недасягальнае ва ўмовах дыктатуры.
Рэжым Лукашэнкі бачыць у жанчынах не асоб з правамі, а толькі карысныя вобразы: маці, жонкі, работніцы… Ахвярныя, пакорлівыя, маўклівыя.
Але свабодныя жанчыны разбураюць гэты карцінкавы свет і прапануюць альтэрнатыву – грамадства, у якім няма месца гвалту і манаполіі ўлады.
Рэжым навязвае жанчынам ролю абслугоўвання. Хоча, каб яны працавалі за капейкі і дзякавалі. Каб гадавалі дзяцей у страху перад дзяржавай. Каб маўчалі, бо за голас годнасці рэжым карае турмой і выгнаннем.
Сённяшняя Беларусь – гэта не краіна для жанчын. Гэта краіна, дзе яны становяцца ахвярамі гвалту, дзе іх працу прыніжаюць, дзе ім адмаўляюць у правах, дзе іх дзяцей могуць забраць у якасці пакарання. Але жанчыны – не ахвяры. Яны – сіла.
Жанчыны вучаць, каб адукацыя канчаткова не ператварылася ў прапаганду. Жанчыны лечаць, хоць сістэма аховы здароўя развальваецца. Жанчыны ствараюць сацыяльна адказны бізнес і фарміруюць палітычны парадак дня – праўда, цяпер без прамой рызыкі для сябе толькі за межамі Беларусі. Яны не маўчаць, нават калі іх спрабуюць знішчыць.
Роўнасць – гэта не прывілей і не падарунак, які можа «даць» дзяржава. Гэта аснова справядлівага грамадства. І пакуль беларускі змагаюцца з няроўнасцю, прыгнётам, эканамічнай і палітычнай несправядлівасцю, барацьба не скончаная.
Мая дачка не разумее, чаму 8 сакавіка – гэта пра кветкі. Для яе гэты дзень – пра права быць пачутай, пра павагу, пра магчымасць выбіраць. У Беларусі гэта пакуль недаступная раскоша. Але беларускі ўжо даказалі, што могуць змяняць рэальнасць – і мы працягнем. Пакуль дзень 8 сакавіка ў Беларусі не стане святам сапраўднага раўнапраўя – не на словах, а ў рэальнасці»
@CabinetBelarus
