Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

«Рэжым дэманструе гатоўнасць падзяліць усю адказнасць за негатыўныя наступствы ў рэгіёне»

2025-03-06

Вадзім Кабанчук, прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, пракаментаваў абмеркаванне Расіяй і рэжымам Лукашэнкі планаў аб стварэнні завода па вытворчасці беспілотнікаў у Беларусі:

«Распачынанне вытворчасці беспілотнікаў у Беларусі відавочна з’явіцца эскалацыйным крокам і дадасць напружанасці ў рэгіёне. Гэты завод, хутчэй за ўсё, будзе функцыянаваць у інтарэсах перадусім Расійскай Федэрацыі, бо заяўленая вытворчая магутнасць – больш за 100 тысяч беспілотнікаў – відавочна перавышае патрэбы беларускай арміі.

Размясціўшы гэты завод у Беларусі, Расійская Федэрацыя вырашыць некалькі задач.

Па-першае, яна арганізуе вытворчасць высокатэхналагічнай прадукцыі непасрэдна каля меж НАТА і Украіны, што, безумоўна, спросціць лагістыку і планаванне далейшых аперацый, накіраваных на эскалацыю ў рэгіёне.

Па-другое, размяшчэнне гэтай вытворчасці ў Беларусі фактычна зробіць яе няўразлівай для ўкраінскіх сіл абароны. Як вядома, і гэта не сакрэт, што ўдары ўкраінскіх сіл па глыбіні тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, у тым ліку па вытворчых прадпрыемствах, нафтабазах і іншых стратэгічных аб’ектах, ужо дасягаюць паўтары тысячы і больш кіламетраў. Цяпер яны хаваюць гэтую вытворчасць, робячы яе недасягальнай.

Па-трэцяе, гэта стварае яшчэ адну вялікую мішэнь на Беларусі. У выпадку большай эскалацыі ў рэгіёне гэтая вытворчасць, персанал, які на ёй працуе, і тэрыторыя Рэспублікі Беларусь стануць цэллю нумар адзін.

Акрамя таго, абмеркаванне гэтых планаў паказвае, што рэжым Лукашэнкі, які ўзяў курс на палітычную, эканамічную і вайсковую інтэграцыю, усё больш паглыбляецца ў сферу інтарэсаў Расійскай Федэрацыі, робячы незваротныя крокі і канчаткова звязваючы сябе з рэжымам Пуціна. Такім чынам, ён дэманструе гатоўнасць падзяліць усю адказнасць за негатыўныя наступствы ў рэгіёне»

@CabinetBelarus

Main carousel image