ААТ «Пеленг» могуць выключыць з міжнароднай асацыяцыі праз санкцыйны статус
2025-03-05
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка на падставе інфармацыі Альянсу расследвальнікаў Беларусі накіраваў зварот у Дзяржаўны сакратарыят эканомікі Швейцарыі (SECO) з просьбай праверыць адпаведнасць сяброўства беларускай кампаніі ААТ «Пеленг» у Асацыяцыі гідраметэаралагічнай прамысловасці (HMEI) санкцыйным абавязацельствам Швейцарыі. Ён таксама заклікаў SECO прыняць меры для блакавання супрацоўніцтва паміж HMEI і кампаніяй, уключаючы магчымасць выключэння яе са складу асацыяцыі.
3 лютага прэс-служба HMEI абвясціла аб далучэнні ААТ «Пеленг» да арганізацыі, нягледзячы на тое, што кампанія знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза, ЗША, Канады, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Японіі, Украіны, Новай Зеландыі і Швейцарыі за падтрымку расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны.
У звароце Павел Латушка падкрэсліў, што сяброўства ААТ «Пеленг» у HMEI дае кампаніі доступ да міжнародных экспертных груп, звязаных са Сусветнай метэаралагічнай арганізацыяй (WMO), а таксама магчымасць прасоўваць сваю прадукцыю на міжнародным рынку. Гэта выклікае занепакоенасць, паколькі арганізацыя, якая знаходзіцца пад санкцыямі, можа выкарыстоўваць платформу HMEI для абыходу абмежаванняў, што супярэчыць прынцыпам міжнароднай адказнасці і намаганням па ізаляцыі суб’ектаў, якія падтрымліваюць ваенную агрэсію.
Павел Латушка звярнуўся ў SECO як у кампетэнтны орган, адказны за выкананне санкцыйнага рэжыму, з просьбай:
✨ правесці праверку абставін уступлення ААТ «Пеленг» у HMEI і ацаніць, ці не парушае гэта дзейныя санкцыйныя абавязальніцтвы Швейцарыі;
✨ прыняць меры для блакавання супрацоўніцтва паміж HMEI і ААТ «Пеленг», уключаючы выключэнне кампаніі са складу асацыяцыі, каб пазбегнуць легітымацыі яе дзейнасці на міжнароднай арэне;
✨ разгледзець магчымасць дадатковых мер у дачыненні да ААТ «Пеленг», каб прадухіліць выкарыстання швейцарскіх платформ для абыходу санкцый.
«Мы высока цэнім намаганні Швейцарыі ў падтрымцы міжнароднага міру і бяспекі праз выкананне санкцыйных мер. Упэўненыя, што Вашае ведамства падзяляе занепакоенасць адносна магчымых злоўжыванняў з боку суб’ектаў, якія знаходзяцца пад санкцыямі, у міжнародных арганізацыях», – адзначыў Павел Латушка ў звароце да SECO.
Намеснік кіраўніцы Кабінета паведаміў швейцарскім органам пра гатоўнасць падаць дадатковую інфармацыю і дакументацыю наконт ААТ «Пеленг» і яе ўдзелу ў падтрымцы ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны.
@CabinetBelarus
