Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

«Яны павінны быць такія, як ты». Што гэта значыць?

2025-03-04

В.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Баркоўскі адрэагаваў на заяву Лукашэнкі, які забараніў міністру культуры браць на працу тых, хто выступаў супраць рэжыму, незалежна ад іх таленту:

«Лукашэнка адкрыта прызнаў тое, што і так відавочна: культура для яго – не сфера творчасці, а зона ідэалагічнага кантролю. Гаворка зусім не ідзе пра нацыянальныя інтарэсы, пра захаванне і развіццё беларускай культурнай традыцыі, пра важнасць унёску таленавітых творцаў у культурную спадчыну народа. Гэта ўсё яму непатрэбнае.

Ён патрабуе толькі аднаго – абсалютнай лаяльнасці. Не мае значэння, наколькі чалавек таленавіты, калі ён не гатовы складаць хваласпеў «найчалавечнейшаму чалавеку».

Сёння тыя, хто кіруе дзяржаўнымі ўстановамі культуры, самі не ствараюць нічога значнага. Ані новая мастацкая кіраўнічка Купалаўскага тэатра, ані дырэктарка Тэатра юнага гледача, ані рэктарка Універсітэта культуры – гэта не людзі, якімі магла б ганарыцца беларуская культура.

Але яны якраз такія, як трэба Лукашэнку. Як ён сказаў міністру культуры: «Ты – дзяржаўны чалавек. Яны павінны быць такія, як ты».

Ніякай лібералізацыі няма. У культуры – усё яшчэ неперагорнуты 20-ты.

Насуперак усім тым, хто бачыць нейкія няўлоўныя прыкметы «паслаблення» ў краіне, Лукашэнка сам дае выразны адказ: ніводнаму вядомаму і таленавітаму творцу нічога не дараванае.

Забарона на прафесію не толькі не скончылася – яна атрымала новы імпульс. Рэпрэсіі супраць творчых людзей працягваюцца. Любая свабодная творчасць становіцца магчымай альбо «ў стол», альбо ў эміграцыі. Мы вяртаемся ў часы СССР, калі сапраўднае мастацтва магло існаваць толькі ў падполлі і размаўляць з гледачом эзопавай мовай.

Гэта ўсё не выпадковасць, а працяг свядомай палітыкі нацыянальнага выраджэння, якая ўхваляецца з усходу.

Менавіта таму сёння беларуская культура за мяжой – гэта яе авангард і вітрына. Творцы, якія былі вымушаныя пакінуць краіну, працягваюць ствараць Беларусь – і падтрымка іх працы цяпер важная як ніколі.

І гэта не толькі пытанне грантаў ці замежнай дапамогі. Гэта адказнасць кожнага з нас.

Нашы кнігі, спектаклі, карціны, музыка і спевы – гэта тое, што будзе жыць, калі сістэма, якая прымушае «быць такімі, як ты», скончыцца. Таму давайце інвеставаць у сваё».

@CabinetBelarus

Main carousel image