Баркоўскі: «Назвы вуліц – гэта нашая памяць і нашая будучыня»
2025-03-03
28 лютага ў Вільні адбыўся круглы стол «Урбананімічная прастора Беларусі: канцэпцыі ўпарадкавання, дэкаланізацыі, дэкамунізацыі», арганізаваны Прадстаўніцтвам па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі.
Гісторыкі, мовазнаўцы і культуролагі абмеркавалі, чаму ў беларускіх гарадах і да сёння захоўваецца савецкая і імперская тапанімічная спадчына, як і чаму мясцовыя ўлады блакуюць перайменаванні і якія прынцыпы павінны быць у аснове вяртання гістарычных назваў. Удзел у дыскусіях прынялі Андрэй Казакевіч, Алесь Капуцкі, Алесь Чайчыц, Святлана Куль-Сяльверстава, Уладзімір Хільмановіч, Яўген Малікаў, Аляксей Ластоўскі, Алесь Адамковіч, Вінцук Вячорка.
В.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Баркоўскі падвёў вынікі і растлумачыў значэнне круглага стала і працы ў межах яго тэматыкі:
«Назвы вуліц – гэта нашая памяць і нашая будучыня. Чалавек можа ўсё жыццё хадзіць па вуліцы Леніна і ніколі не даведацца, што продкі называлі яе Францішканскай. Жыць на Камсамольскай, не здагадваючыся, што яна насіла імя святога Феліцыяна – заступніка Мінска. Штодня мінаць плошчу 8 сакавіка і не ведаць, што ўвесь папярэдні час гэта быў Нізкі рынак.
Тапанімічная спадчына Беларусі працягвае заставацца пад моцным уплывам чужых ідэалогій. У гарадах і мястэчках дагэтуль дамінуюць назвы, звязаныя з савецкімі дзеячамі, «інтэрнацыяналам» і вайсковымі тэрмінамі. Мы бачым, што нават дзе была магчымасць для змен, чыноўнікі не спяшаліся пазбаўляцца «камуністычнага іканастаса». Сёння амаль не засталося тых, хто ўсур’ёз верыць у ідэі камунізму, але ў нашых гарадах працягваюць дамінаваць імёны рэвалюцыянераў і генералаў, якія ніяк не звязаны з мясцовай культурай.
Тапанімічная палітыка – гэта не толькі пытанне мінулага, але і будучыні. Як паказваюць даследаванні, тапанімічнае асяроддзе ўплывае на нашыя культурныя арыенціры. Калі ў буйных гарадах кожная трэцяя назва – савецкая, то што атрымлівае дзіця, якое расце ў такім атачэнні? Калі ў Мінску не знойдзецца вуліц ні Быкава, ні Барадуліна, ні Саламеі Русецкай, то якія каштоўнасці сфарміруюцца ў новых пакаленняў?
Мы не можам чакаць, калі гэтыя пытанні будуць вырашаныя самі сабой. Круглы стол яшчэ раз даказаў, што сістэмная праца павінна весціся ўжо зараз: стварэнне рэестраў аўтэнтычных назваў, распрацоўка тапаграфічных карт, каб быць гатовымі змяняць гарадскі ландшафт тады, калі адкрыецца акно магчымасцей.
Гэта не проста перайменаванні. Гэта аднаўленне гістарычнай памяці. Гэта выбар, які вызначае, у якім сімвалічным свеце будуць жыць будучыя пакаленні беларусаў».
@CabinetBelarus



