Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вадзім Кабанчук пракаментаваў нядаўнія дзеянні рэжыму Лукашэнкі ў вайсковай сферы
2025-02-27
«Днямі Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі паведаміла, што ў краіне фарміруюцца воінскія эшалоны, і перавозка войска можа мець значны маштаб. Паводле атрыманай інфармацыі, на станцыі «Багатырова» каля Мінска пачаўся адбор пасажырскіх вагонаў для Міністэрства абароны рэжыму Лукашэнкі, ужо падрыхтавана 48 вагонаў. Адначасова пададзеныя заяўкі на грузавыя вагоны для перавозкі вайсковай тэхнікі, боепрыпасаў і іншага абсталявання.
Учора была ратыфікаваная дамова паміж Мінскам і Масквой аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Гэты дакумент дае Расіі права ствараць вайсковыя аб’екты на тэрыторыі Беларусі і замацоўвае яе магчымасць выкарыстоўваць Беларусь у сваіх ваенных мэтах. У выпадку ваеннага сутыкнення бакі будуць разглядаць напад на любога з іх як акт агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы.
На фоне экспансійнай вайсковай палітыкі Расіі і яе адкрытай агрэсіі супраць Украіны любыя перамяшчэнні войскаў і тэхнікі на тэрыторыі Беларусі нясуць пагрозу. Няма ніякіх падстаў давяраць афіцыйнаму Мінску, калі ён заяўляе пра «планавыя вучэнні» або «штатныя манеўры». У 2022 годзе пад прыкрыццём вучэнняў Беларусь ужо стала пляцоўкай для ўварвання ва Украіну.
Паводле наяўных звестак, паміж беларускай і расійскай чыгункай праведзеныя ўніфікацыйныя мерапрыемствы для павелічэння прапускной здольнасці чыгуначных шляхоў. Чыгунка – самы хуткі і эфектыўны спосаб разгортвання вайсковага кантынгенту, таму такая інфармацыя заслугоўвае асаблівай увагі.
Таму сітуацыя адсочваецца, аднак на дадзены момант няма прыкмет непасрэднай эскалацыі. Ключавым сігналам да прыняцця далейшых рашэнняў стане значнае накапленне жывой сілы і тэхнікі з боку суагрэсараў»
@CabinetBelarus
