«Нам патрэбная моцная Еўропа і адкрытасць Еўропы для дэмакратычнага руху ў Беларусі»
2025-02-25
Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка выступіў на канферэнцыі да трэцяй гадавіны поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны, арганізаванай Сенатам Польшчы.
Канферэнцыя прайшла 25 лютага ў Сенаце Польшчы, суарганізатарам выступіла глабальная кааліцыя Community of Democracies. У канферэнцыі прынялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра, міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш, міністр юстыцыі, генпракурор Адам Боднар, намесніца міністра замежных спраў Ганна Радван, амбасадар Украіны ў Польшчы Васіль Боднар, прадстаўнікі еўрапейскіх дзяржаў, польскія сенатары і еўрадэпутаты.
«Стратэгія павінна быць толькі адна – моцная Еўропа, якая не саступае агрэсарам. Агрэсары разумеюць толькі мову сілы, таму прыйшоў час быць моцнымі», – адзначыў Павел Латушка.
У кантэксце пытання рэгіянальнай бяспекі намеснік кіраўніцы Кабінета згадаў важныя словы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, агучаныя падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы: «мяжа бяспекі Еўропы праходзіць па ўсходняй мяжы Украіны, усходняй мяжы Беларусі, усходніх межах краін Балтыі, усходняй мяжы Фінляндыі».
«Нельга дазволіць, каб Беларусь стала падарункам для Пуціна. Са шкадаваннем заяўляю, што апошнім часам мы не чуем нічога пра Беларусь. Еўропа ніколі не будзе ў бяспецы, калі Беларусь не будзе дэмакратычнай краінай, бо Беларусь мяжуе з Украінай, Польшчай, Літвой, Латвіяй. І "беларускі балкон" мае стратэгічнае значэнне», – падкрэсліў прадстаўнік Кабінета.
Павел Латушка згадаў пра планы арганізацыі вучэнняў «Захад 2025», у рамках якіх Расія плануе сцягнуць у Беларусь 100-150 тысяч салдат: «Лукашэнка, калі спатрэбіцца Крамлю, гатовы будзе паўтарыць сцэнарый лютага 2022 года».
«Важна разумець розніцу паміж беларускім і расійскім грамадствам. У Расіі большасць падтрымлівае вайну, у Беларусі пераважная большасць не падтрымлівае вайну і ўдзел беларускай арміі ў вайне супраць Украіны. Большасць беларусаў супраць Лукашэнкі, а большасць расіян падтрымлівае Пуціна», – адзначыў Павел Латушка.
«З першых дзён поўнамаштабнай вайны беларусы змагаюцца на баку Украіны. Яны выходзілі на пратэсты, зрывалі рух ваенных эшалонаў, перадавалі разведданыя маніторынгавым групам. Увогуле беларусы за супраціўленне агрэсарам атрымалі 200 гадоў турмы. Усе апошнія сацапытанні паказваюць, што большасць беларусаў супраць вайны».
Павел Латушка асабліва адзначыў змаганне беларускіх дабраахвотнікаў у Палку Каліноўскага і іншых падраздзяленнях УСУ за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Таксама ён падкрэсліў гераізм беларусаў, якія аддалі сваё жыццё, абараняючы Украіну.
«Ім нельга здрадзіць. Мы павінны матываваць беларусаў працягваць барацьбу за дэмакратыю.
Калі мы сёння прайграем гэтую барацьбу за беларусаў, то праз некалькі гадоў на мяжы з Польшчай, Літвой, Латвіяй і Украінай можа з'явіцца расійскі жаўнер, гатовы напасці на Еўрапейскі саюз, ці, у горшым выпадку, беларус у расійскай форме, гатовы да агрэсіі. Нельга пакінуць беларусаў за жалезнай заслонай.
Неабходная стратэгія ЕС для падтрымкі дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі. Мы не просім F-35 – перадайце іх Украіне, але неабходна падтрымліваць беларускае грамадства, прыцягнуць да адказнасці Лукашэнку, а таксама падтрымліваць незалежныя СМІ і блогераў.
Мы, дэмакратычныя сілы Беларусі, актыўна падтрымліваем і будзем падтрымліваць Украіну, але нам таксама патрэбна моцная Еўропа і адкрытасць Еўропы для дэмакратычнага руху ў Беларусі», – адзначыў ў выступленні прадстаўнік Кабінета.
@CabinetBelarus

