У Вільні пройдзе круглы стол, прысвечаны ўпарадкаванню найменняў гарадской прасторы Беларусі
2025-02-25
Павел Баркоўскі, выканаўца абавязкаў прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета, запрашае зарэгістравацца на мерапрыемства:
«Беларусы, як і нашыя суседзі ўкраінцы, моцна патрабуюць пераасэнсавання ўласнай сімвалічнай прасторы існавання, бо фактычны захоп «рускім светам» гістарычнай памяці і мясцовых традыцый пасля адбіваецца на ўзроўні трагедыі нацыянальнага маштабу.
Палітыка 4Д: дэкамунізацыі, дэідэалагізацыі, дэкаланізацыі і дэімперыялізацыі – гэта адзін з падмуркаў Стратэгіі нацыянальнага адраджэння і развіцця, на якой грунтуецца наша дзейнасць.
І гэты круглы стол – фактычны працяг адразу некалькіх распачатых нашым Прадстаўніцтвам кірункаў: палітыкі дэкамунізацыі і дэкаланізацыі і моўнай палітыкі.
На стыку гэтых тэм пры ўдзеле профільных спецыялістаў і экспертаў адбудзецца абмеркаванне таго стану, у якім цяпер знаходзіцца ўрбананімічная спадчына беларускіх гарадоў (назвы вуліц, плошчаў і праспектаў).
У якой ступені яна дасюль застаецца пад моцным уплывам савецкай і імперскай ідэалогіі? Якія наробкі мы ўжо маем, каб казаць пра існаванне арыгінальнай беларускай урбананімічнай традыцыі?
Гэтыя і іншыя пытанні будуць абмяркоўвацца 28 лютага ў Вільні падчас круглага стала «Урбананімічная прастора Беларусі. Канцэпцыі ўпарадкавання, дэкаланізацыі, дэкамунізацыі».
У фінале мерапрыемства, з 18:00 да 19:00, адбудзецца адкрытая дыскусія «Якія могуць быць падыходы да ўпарадкавання ўрбаністычнага ландшафту Беларусі?», на якую мы запрашаем шырокую супольнасць. Удзельнікі дыскусіі – Вінцук Вячорка, Алесь Капуцкі, Павел Церашковіч, Алесь Пашкевіч. Мадэратар – Андрэй Казакевіч.
Дакладнае месца правядзення мы агучым пасля рэгістрацыі».
✍️ Рэгістрацыя для прадстаўнікоў медыя і гасцей
@CabinetBelarus
