Прадстаўнік па транзіце ўлады Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Павел Латушка пракаментаваў новыя абмежавальныя меры Еўрасаюза ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі
2025-02-24
«Сёння мы зрабілі чарговы крок ва ўзмацненні ціску на рэжым Лукашэнкі. Еўрасаюз прыслухаўся да нашых прапаноў, якія мы неаднаразова агучвалі падчас сустрэч з нашымі еўрапейскімі партнёрамі, у тым ліку ў рамках Кансультатыўнай групы "Беларусь – ЕС" у Бруселі ў снежні 2024 года.
У прыватнасці, ЕС яшчэ больш гарманізаваў гандлёвыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і Расіі, а таксама пашырыў пералік тавараў, абмежаваных да транзіту праз Беларусь, каб прадухіліць абыход санкцый з выкарыстаннем трэціх краін.
Удасканальваюцца механізмы выканання санкцый, палепшана ўзаемадзеянне паміж органамі ЕС па барацьбе з абыходам санкцый (у тым ліку з дапамогай крыптаактываў) і ўзмацняецца кантроль за выкананнем дзеючых абмежаванняў.
Цяпер пэўныя тыпы арганізацый абавязаны паведамляць аб падазроных транзакцыях у падраздзяленні фінансавай разведкі. Ад фізічных і юрыдычных асоб ЕС цяпер патрабуецца прадастаўляць любую інфармацыю, якая садзейнічае рэалізацыі санкцый, кампетэнтнаму органу дзяржавы-чальца, у якой яны знаходзяцца, на працягу двух тыдняў з моманту атрымання гэтай інфармацыі, і супрацоўнічаць пры праверцы.
Таксама 24 лютага 2025 года ЕС упершыню ўвёў санкцыі супраць замежных банкаў за выкарыстанне Сістэмы перадачы фінансавых паведамленняў Банка Расіі (SPFS). Забарона закранула крэдытныя і фінансавыя ўстановы за межамі Расіі. Пад другасныя санкцыі патрапілі тры банкі. Яны выкарыстоўвалі расійскі аналаг SWIFT для абыходу санкцый ЕС. Два з іх – Банк БелВЭБ і Белгазпрамбанк – зарэгістраваны ў Беларусі».
@CabinetBelarus
