«Беларусь – гэта не рэжым, а людзі, якія рызыкуюць свабодай, каб спыніць вайну»
2025-02-24
Вольга Зазулінская, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, выказалася аб маштабах рэпрэсій у дачыненні да беларусаў і ўкраінцаў у Беларусі, якія выступілі супраць расійскай агрэсіі:
«Беларусы супрацьстаялі гэтай вайне з першага дня – і працягваюць змагацца нават у самых складаных умовах. За антываенныя акцыі, якія прайшлі ў Беларусі ў лютым 2022 года, было затрымана каля тысячы чалавек. Многія атрымалі гады зняволення.
Паводле Праваабарончага цэнтра «Вясна», па стане на 24 лютага 2025 года ў Беларусі як мінімум 209 чалавек былі асуджаныя за падтрымку Украіны ў межах крымінальных спраў. Сярод іх – 41 чалавек за данаты беларускім добраахвотнікам, 30 – за намер ваяваць супраць агрэсара, 93 – за перадачу ў СМІ фота і відэа расійскай вайсковай тэхнікі.
Асабліва жорстка рэжым абыйшоўся з «рэйкавымі партызанамі» – 11 чалавек асуджаныя на вялізарныя тэрміны за спробы спынення руху вайсковых эшалонаў Расіі праз Беларусь.
Васіля Верамейчыка, удзельніка баявых дзеянняў ва Украіне ў складзе корпуса беларускіх добраахвотнікаў, якога захапілі ў В’етнаме і перадалі спецслужбам. Зараз ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Вядома, што ў дачыненні да беларускіх добраахвотнікаў прымяняюцца асабліва жорсткія метады пераследу.
Рэпрэсіі не абмяжоўваюцца толькі беларусамі. Пад удар трапілі і грамадзяне Украіны. Ёсць выпадкі, калі ўкраінцы сталі ахвярамі крымінальнага пераследу па абвінавачаннях у так званых «спробах дыверсій» і «шпіянажы». Паводле «Вясны», сёння ў Беларусі асудзілі мінімум 13 грамадзян Украіны.
Рэжым Лукашэнкі зрабіў усё, каб падушыць любое супраціўленне вайне, але беларусы не спыніліся. Беларусы паказалі, што Беларусь – гэта не рэжым, які стаў суагрэсарам у гэтай вайне, а людзі, якія рызыкуюць свабодай, каб яе спыніць.
Мы паслядоўна заклікаем да неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў, спынення пераследу тых, хто выступіў супраць вайны, і просім аб публічнай увазе міжнароднай супольнасці да катастрафічнай сітуацыі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі.
Кожны і кожная з тых, хто знаходзяцца ў зняволенні за сваю грамадзянскую пазіцыю, павінны ведаць: пра іх памятаюць, за іх працягваюць змагацца».
@CabinetBelarus
