« Мы безумоўна салідарныя з народам Украіны, якому мы жадаем перамогі і справядлівага міру »
2025-02-24
Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка і в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі далучыліся да акцыі беларусаў Варшавы ля помніка Каперніку, якая адбылася ў нядзелю, 23 лютага, напярэдадні трэцяй гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.
Павел Латушка: «Мы маем права трактаваць гэта з пункта гледжання міжнароднага права як агрэсію, ваеннае злачынства. Самае жудаснае злачынства з усіх міжнародных. Агрэсарам у гэтай вайне з’яўляецца і Лукашэнка. Не суагрэсарам. Бо міжнароднае права акрэслівае прадастаўленне тэрыторыі для атакі на іншую краіну як агрэсію. Мы робім усё, каб адказнасць вінаватых у гэтым наступіла. Каб Спецыяльны трыбунал па злачынстве агрэсіі супраць Украіны быў створаны. Да стварэння гэтага трыбуналу ўжо далучылася 40 еўрапейскіх дэмакратычных дзяржаў. Ён, спадзяюся, будзе абвешчаны ў красавіку гэтага года ў Кіеве. Я ўпэўнены, што ў матэрыялах гэтага спецтрыбунала, у пракурораў, павінны быць доказы злачынства агрэсіі, дзейсненага Лукашэнкам і яго генераламі».
Павел Баркоўскі: «Мы безумоўна салідарныя з народам Украіны, якому мы жадаем перамогі і справядлівага міру. Пры гэтым нам нельга забываць і пра тое, што ў Беларусі сёння таксама працягваецца свая вайна. Неабвешчаная вайна рэжыму Лукашэнкі з народам, беларускай мовай і нацыянальнай культурай. Вайна, вынікам якой можа стаць вынішчэнне беларусаў як нацыі. Таму для нас, як і для ўкраінскага народа, яна цяпер застаецца нацыянальна-вызвольнай барацьбой супраць імперыі і яе памагатых. І справядлівы мір для нас азначае не толькі канчатковае вызваленне Украіны, але таксама і свабоду для Беларусі».
@CabinetBelarus

