«Лукашэнка павінен паўстаць перад Спецтрыбуналам па злачынстве агрэсіі супраць Украіны»
2025-02-05
– Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка прывітаў заяву Еўракамісіі і Вярхоўнага камісара ЕС па знешняй палітыцы аб стварэнні прававых падстаў для спецтрыбунала, які мае патэнцыял для прыцягнення да адказнасці не толькі прадстаўнікоў Расіі, але і прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за саўдзел у агрэсіі супраць Украіны.
«Ад імя Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі вітаю заяву ад 4 лютага Еўракамісіі і Вярхоўнага камісара па знешняй палітыцы ЕС Каі Калас аб стварэнні прававых падстаў для заснавання Спецтрыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны.
Гэта мае важнае значэнне для прыцягнення да адказнасці не толькі прадстаўнікоў Расійскай Федэрацыі, але і прадстаўнікоў вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі, якое дазволіла выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для транзіту ўзброеных сіл Расіі і нанясенні ракетных і авіяўдараў па тэрыторыі Украіны.
Спецтрыбунал будзе створаны на падставе пагаднення паміж урадам Украіны і Радай Еўропы. Яго юрысдыкцыя будзе зыходзіць з Украіны. Рада Еўропы будзе адказваць за працэдуру прыняцця праектаў прававых інструментаў, неабходных для стварэння спецтрыбунала і іх наступнага падпісання.
Мы разлічваем, што ў статуце, які будзе найбліжэйшым часам узгоднены і зацверджаны Радай Еўропы і ўрадам Украіны, будзе ўлічвацца палажэнне, прадугледжанае рэзалюцыяй Генасамблеі ААН 3314 (XXIX) 1974 года:
«Агрэсіяй лічыцца дзеянне дзяржавы, якая дазваляе выкарыстоўваць сваю тэрыторыю, якую яна прадставіла ў распараджэнне іншай дзяржавы, для здзяйснення гэтай іншай дзяржавай акта агрэсіі супраць трэцяй дзяржавы».
Лукашэнка – галоўны саюзнік Расіі ў вайне супраць Украіны. Яго дзеянні парушаюць міжнароднае права, статут ААН. Лукашэнка павінен паўстаць перад спецтрыбуналам, павінен быць прыцягнуты да адказнасці за сваю ролю ў агрэсіі – гэта маральны абавязак міжнароднай дэмакратычнай супольнасці.
Мы заяўляем аб гатоўнасці супрацоўнічаць з Рэгістрам нанесенай шкоды Украіне, які дзейнічае ў Гаазе, для перадачы доказаў здзяйснення Лукашэнкам злачынства агрэсіі супраць Украіны. Мы таксама будзем супрацоўнічаць з Радай Еўропы над забеспячэннем немінучай адказнасці Лукашэнкі за гэтае злачынства. І мы спадзяёмся, спецтрыбунал будзе створаны і пачне працу ў найбліжэйшы час»
@CabinetBelarus
