Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

На Касцюшкаўскім форуме ў Гданьску кіраўніца Кабінета заклікала Захад падтрымаць Беларусь: «Гэта інвестыцыя ў бяспеку рэгіёна»

2025-02-04

Асноўная праграма Касцюшкаўскага форуму ў Гданьску пачалася з цырымоніі ўскладання кветак ля манумента ахвяр камуністычнага рэжыму на месцы расстрэлу рабочых Гданьскай суднаверфі. Беларуская дэлегацыя на чале з кіраўніцай Кабінета Святланай Ціханоўскай удзельнічала ў цырымоніі разам з прадстаўнікамі Польшчы, Літвы, Швецыі, Украіны і еўрапейскай дыпламатыі.

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі на прэс-канферэнцыі адзначыў, што савецкая міфалогія скрала сапраўдную гісторыю беларускага і ўкраінскага народаў. Ён падкрэсліў, што расійская дзяржаўнасць здаецца некаторым заходнім палітыкам больш відавочнай, чым неабходнасць захавання ідэнтычнасці і дзяржаўнасці Беларусі. Міністр Сікорскі нагадаў, што на працягу 500 гадоў пісьмовай мовай ВКЛ была беларуская мова.

Святлана Ціханоўская адкрыла асноўную частку палітычнай дыскусіі на Касцюшкаўскім форуме, падзякаваўшы спадару Сікорскаму за падтрымку Беларусі. Яна азначыла важнасць форуму ў Гданьску, дзе пачалася «Салідарнасць», і заўважыла, што змаганне за свабоду можа быць доўгім, але пры адзінстве і падтрымцы саюзнікаў яно прыводзіць да перамогі.

У прамове кіраўніца Кабінета ўшанавала памяць беларускіх і ўкраінскіх герояў, якія змагаюцца за свабоду, у тым ліку Марыю Зайцаву, якая пасля пратэстаў у Беларусі далучылася да абароны Украіны і загінула.

Дэмакратычная лідарка заклікала міжнародную супольнасць падтрымаць беларускіх палітвязняў і журналістаў, якія працягваюць сваю працу, нягледзячы на рэпрэсіі. Асобна яна адзначыла ролю Літвы ў ініцыятыве супраць рэжыму Лукашэнкі ў Міжнародным крымінальным судзе.

Ціханоўская падкрэсліла, што Беларусь не разменная манета і не прыз для Пуціна, і адзначыла, што падтрымка беларусаў – гэта інвестыцыя ў бяспеку і дэмакратыю рэгіёна. «Я веру, што Беларусь стане свабоднай дэмакратычнай еўрапейскай краінай», – сказала яна.

@CabinetBelarus

Main carousel image