«Гэта перамога яе сілы, перамога любові, перамога праўды»
2025-02-01
– Пра вызваленне Паліны Шарэнда-Панасюк выказаліся Святлана Ціханоўская і Вольга Зазулінская
Святлана Ціханоўская, кіраўніца Кабінета: «Я вельмі рада, што Паліна Шарэнда-Панасюк нарэшце вольная пасля больш чым чатырох гадоў пакутаў і можа ўз’яднацца са сваёй сям’ёй пасля заканчэння свайго чацвёртага турэмнага тэрміну. Яна страціла здароўе, але не прынцыпы. Мы павінны працягваць змагацца за тых, хто несправядліва апынуўся за кратамі»
Вольга Зазулінская, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета: «Пасля доўгіх гадоў выпрабаванняў, пасля чатырох судоў, трох прысудаў па жорсткім артыкуле 411, пасля зняволення ў нечалавечых умовах – сёння Паліна нарэшце дома.
Гэта былі гады, напоўненыя болем і барацьбой. Яна трымалася, не зламалася, не здалася. Яе чакалі. Кожны дзень, кожную хвіліну яе чакалі двое сыноў, якія раслі без мамы, але з надзеяй на сустрэчу. І вось гэты дзень настаў. Гэта перамога яе сілы, перамога любові, перамога праўды.
Але ў турмах застаюцца сотні палітвязняў. Іх працягваюць судзіць, выносіць новыя прысуды паводле 411 артыкула, кідаць у карцары, пазбаўляць сувязі з роднымі. Некаторыя з іх ужо больш за год у поўнай ізаляцыі – без лістоў, без сустрэч, без голасу. Мы не ведаем, што з імі, але мы ведаем, што яны трымаюцца. І яны ведаюць, што мы тут, звонку, не забываем.
Кожны вызвалены – гэта радасць і надзея. Але сапраўдная перамога будзе толькі тады, калі ўсе яны выйдуць на волю. Калі не будзе больш 411 артыкула, новых тэрмінаў, ізаляцыі і катаванняў.
Паліна дома. Але барацьба працягваецца. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб кожны палітвязень апынуўся на волі і абняў сваіх блізкіх»
@CabinetBelarus
